Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
«Вы не экспертызу правялі - вы сэнс жыцця вярнулі» 28 августа 2024

Пра дэтэктывы, меладрамы, шчаслівыя знаходкі, учынкі сапраўдных мужчын і іншыя амаль неверагодныя гісторыі са сваёй практыкі расказала карэспандэнту газеты дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт.

– Першыя генетычныя экспертызы ў нашай краіне былі праведзены ў 1994 годзе, і вось ужо тры дзесяцігоддзі гэтая навука дапамагае раскрываць крымінальныя справы, а таксама спрыяе звычайным грамадзянам, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, – гаворыць намеснік начальніка ўпраўлення лабараторных даследаванняў рэчавых доказаў біялагічнага характару ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці начальнік аддзела судова-біялагічных і судова-генетычных экспертыз Таццяна Кліза. – Вельмі важны кірунак нашай работы – экспертыза спрэчнага сваяцтва. За 11 гадоў, з моманту стварэння Камітэта судовых экспертыз, брэсцкія генетыкі правялі 2800 такіх экспертыз. І гэта ўсё рэальнае жыццё, рэальныя людзі, а не выдуманыя гісторыі, вартыя ток-шоу. Гэта слёзы радасці і слёзы расчаравання, гэта шчасце ўз’яднання сем’яў. Мы асабліва радуемся, калі дзеці з дзіцячых дамоў, прытулкаў дзякуючы нашым намаганням ідуць дадому з роднымі бацькамі.

Каб дзяржава паверыла ў мацярынства

Самых розных жыццёвых гісторый у службовым партфелі Таццяны Віктараўны вельмі шмат. Больш за ўсё да экспертаў звяртаюцца мужчыны, каб пацвердзіць альбо выключыць бацькоўства, бо, па зразумелых прычынах, часцей сумняваюцца мужчыны.

Але гэта толькі частка работы генетыкаў – нярэдка даводзіцца даказваць мацярынства. Вось, скажам, жыве сям’я ў абласным цэнтры. Сям’я не бедная, не праблемная, у ёй расце трое дзяцей. Бацька шмат працуе, забяспечвае дабрабыт, маці займаецца выхаваннем і хатняй гаспадаркай. Потым здараецца бяда, галава сям’і трагічна гіне. І жанчына застаецца без сродкаў да існавання. Тут любы скажа, што ёй трэба браць дакументы на дзяцей ды звяртацца ў сацыяльную службу для налічэння дапамогі на дзяцей. А ў гэтым выпадку аказваецца, што дакументаў ніякіх і няма. Роды былі дамашнімі, няма нават даведак з радзільні. Думаеце, фантастыка? Не, рэальны выпадак з практыкі экспертаў. Жанчыне давялося рабіць генетычную экспертызу, даказваць сваё мацярынства, потым выпраўляць дакументы і пісаць заяву на дапамогу. Гэта прыклад для тых, хто па розных прычынах ставіцца да дакументаў з доляй пагарды: маўляў, галоўнае –адносіны, давер, каханне, а паперы – справа другасная. Гэта працуе, калі ўсё добра, а калі нешта пойдзе не так, тады нават маці давядзецца даказваць сваяцтва з уласнымі дзецьмі. Так што лепш усе дакументы заўсёды рабіць своечасова, прынамсі, у нашай дзяржаве. У іншых – іншыя законы, і, бывае, нават пасведчанне аб нараджэнні не доказ, што маці – гэта маці.

Брэсцкія эксперты пацвярджалі мацярынства беларускі, якая выйшла замуж за грамадзяніна Афганістана. У іх нарадзілася двое дзяцей. У нейкі перыяд, калі ў той краіне стала зусім неспакойна, наша суайчынніца вырашыла вярнуцца на радзіму. Калі яна прывезла дзяцей і паспрабавала іх запісаць у школу, садок, узніклі абгрунтаваныя пытанні да яе дакументаў. У адпаведнасці з законамі асобных краін, у пасведчанні аб нараджэнні запісваюць толькі бацьку. А яна, паводле дакументаў, дзецям чужы чалавек. І толькі пасля правядзення экспертызы жанчына змагла атрымаць неабходныя пасведчанні і стаць законнай маці сваім дзецям.

Калі сын нарадзіўся ў індыйскай турме

Сёння нашы людзі адносна свабодна перамяшчаюцца па свеце. Але гэтае дасягненне цывілізацыі часам абарочваецца зусім нечаканымі праблемамі. Паўсюль свае законы, свае звычаі, традыцыі, і апошняе трэба ўлічваць. Асабліва тым, хто мае непаўналетніх дзяцей. Скажам, адна брастаўчанка вельмі любіла падарожнічаць, а вось законаў прытрымлівацца – не вельмі. І аднойчы трапіла за махлярства ў індыйскую турму аж на 12 гадоў. На момант абвяшчэння прысуду жанчына была цяжарнай, сына нарадзіла ўжо за кратамі. Мясцовае турэмнае кіраўніцтва не абцяжарвала сябе высвятленнем асобы нявольніцы: прозвішча, імя запісалі з яе слоў. А яна вырашыла пажартаваць і назвала прозвішча любімай спявачкі і актрысы Барбары Стрэйзанд. Так і запісалі. Ну і жыла яна там Барбарай, галоўнае, што хлопчык увесь час быў пры ёй. Калі ж прыйшла доўгачаканая воля, суайчынніца адразу паімчала дадому. Найперш у родным горадзе кінулася запісаць сына ў школу. Там, вядома, папрасілі пасведчанне аб нараджэнні. Каб зрабіць яго, звярнулася ў ЗАГС з даведкай, дзе было напісана: «Такога чысла, такога года Барбара Стрэйзанд нарадзіла хлопчыка». Ці трэба казаць пра эмоцыі на твары службовай асобы, якая чытала даведку?

Адным словам, давялося нашай гераіні ісці з сынам у камітэт судовых экспертыз, праводзіць генетычнае даследаванне, каб атрымаць на рукі доказ, што яна, а не амерыканская актрыса, нарадзіла сына ў індыйскай турме.

У каго ўдаліся хлопчык рыжы, а дзяўчынка бялявая?

І калі прыведзеныя вышэй сітуацыі маюць умоўна аб’ектыўны характар, то наступныя, аб якіх гаворка пойдзе ніжэй, выкліканы больш уражаннямі ад ток-шоу ды серыялаў. Людзі нагледзяцца сюжэтаў, як падмянялі дзяцей у радзільных дамах, ды пачынаюць сумнявацца. Жыхары Брэсцкай вобласці, якія пражывалі на момант родаў за мяжой, сталі прыглядацца да сваёй дачкі. Яны абое брунеты з карымі вачыма, а дачушка – блакітнавокая бландзінка. І затачыў чарвяк недаверу, сумневу: а раптам нам дзіця падмянілі. Словам, прыйшлі, правялі экспертызу, упэўніліся, што дачушка – іх крывінка, пайшлі шчаслівыя.

Ім яшчэ сказалі, што гены наогул дзівосна тасуюцца ў прыродзе, іх нашчадак можа ўзяць у спадчыну гены ад папярэдніка з трэцяга, чацвёртага пакаленняў. Так што не варта па колеры валасоў альбо вачэй падазраваць жонку ў нявернасці альбо медыкаў у махлярстве. Памятаеце, як Пушкін жартаваў пра свайго сына: «Чаму гэта наш Сашка рыжы, і ў каго ён такі рыжы?» Значыць, было ў каго. Вось і нашы героі пабеглі дадому гартаць старыя сямейныя альбомы, распытваць бабуль ды цётак пра ўсю радню.

Ды гэта што! Адна 83-гадовая жыхарка райцэнтра сумнявалася больш за 60 гадоў. Менавіта столькі было яе сыну, калі яны прыехалі на экспертызу: нагледзелася бабуля перадач і рашылася. А ўсё таму, што некалі ў раённай радзільні трапіла ў палату з поўнай цёзкай. Прозвішча, імя і нават першая літара імя па бацьку ў маладзіц супадалі. І вось таварышка па палаце прыйшла да яе праз некалькі тыдняў пасля выпіскі ды заявіла, што ім дзяцей пераблыталі, і трэба памяняцца. Яна тады не паслухала, дзіця не аддала, але больш за паўвека ўспамінала той прыкры выпадак, адзін працэнт верагоднасці ніколі не выкідала са свядомасці. І толькі экспертыза ўсё паставіла на свае месцы, жанчына паехала дадому разам з сынам шчаслівай.

Пытанні крыві

Памятаеце словы аднаго зусім не станоўчага героя «Майстра і Маргарыты»: «Пытанні крыві, каралева, самыя складаныя пытанні ў свеце...» І гэта праўда. Асабліва калі дзеці шукаюць бацькоў. Падобных гісторый у Таццяны Віктараўны колькі хочаш. Ад некаторых проста дрыжыкі бяруць. Ну вось, скажам, адзін мужчына ў маладосці сустракаўся з дзяўчынай, потым іх шляхі разышліся. Ён закахаўся, ажаніўся, нарадзіліся дзеці. І раптам, амаль выпадкова, пачуў, што былая сяброўка памерла, а яе пяцігадовае дзіця аказалася ў дзіцячым доме. Ён пагаварыў з жонкай, падзяліўся меркаваннем, што можа быць бацькам гэтага дзіцяці. І жонка яго падтрымала, сказала, што прыме ў сям’ю дзяўчынку, калі тая акажацца яго дачкой. На экспертызу яны прыйшлі ўсе разам. А малая так хацела знайсці бацьку, што даверліва працягнула ручку да медыка і прамовіла: «Цёця, вазьміце крыві больш, я ж хачу, каб тата знайшоўся». У іх камякі падкацілі да горла: звычайна ж дзеці баяцца гэтай працэдуры... Тая гісторыя аказалася шчаслівай, дзяўчынку забралі ў сям’ю. А другая, крыху падобная, мела не такі ўдалы фінал. Што тут зробіш – такое жыццё.

Учынак, варты сапраўднага мужчыны

Таццяна Кліза гаворыць, што заўсёды суперажывае людзям, якія прыходзяць да іх, бо адважыцца на такую экспертызу не заўсёды бывае проста, нярэдка людзей прыводзяць сямейныя драмы. Яна добра запомніла адну сям’ю, у якой мужчына вельмі любіў сваю дачушку. Гэта было відаць, як той казаў, няўзброеным вокам. Чаму яны вырашылі праверыць бацькоўства, невядома, можа, іншыя сваякі настаялі. Адным словам, ён атрымаў на рукі заключэнне, дзе яго бацькоўства выключалася. Прачытаў, пры гэтым ніводзін мускул на твары не здрыгануўся, потым парваў ліст, кінуў у сметніцу і сказаў жонцы: «Прабач, дарагая, што я сумняваўся, пойдзем дадому». Відавочна, ён даўно зрабіў выбар на карысць сям’і, і гэта быў выбар сапраўднага мужчыны.

Як і ўчынак 18-гадовага хлапчука, якога варта паважліва назваць мужчынам. Навучэнец каледжа сустракаўся з дзяўчынай. А калі яна нарадзіла дзіця, то заявіла, што не гатовая быць маці, і пакінула немаўлятка, напісала адмову. Хлопец адразу кінуўся да сваіх бацькоў, расказаў ім, і яны падтрымалі сына, сказалі, што не хочуць, каб іх унучка расла сіратою. На экспертызу ён прыйшоў з бацькамі, органы апекі прывезлі дзіця, а калі яму выдалі заключэнне, ён не мог паверыць: «Выходзіць, я тата!» І адразу ж стаў распытваць, куды яму трэба ісці ў першую чаргу, каб яго дзіця не аддалі ў іншую сям’ю. «Мы былі надзвычай рады, – каментуе эксперт той нядаўні выпадак. – І вельмі ж хочацца, каб у гэтага хлопца ўсё склалася ў жыцці, каб з часам ён стварыў добрую сям’ю і гэтая дзяўчынка вырасла шчаслівай».

Калі ёсць для каго жыць

Таццяна Віктараўна прыводзіла яшчэ шмат розных прыкладаў. Напрыклад, экспертыза дазволіла жанчыне спагнаць аліменты з біялагічнага бацькі дзіцяці, атрымаць дапамогу ў выпадку страты кармільца (экспертыза магчымая і пасмяротна, асабліва калі гаворка ідзе пра маладых мужчын). Бывае, што законны спадчыннік можа атрымаць спадчыну таксама пасля ўстанаўлення бацькоўства. Яшчэ эксперт згадала, якім разгубленым, няўпэўненым прыйшоў да іх бацька пяці дзяцей і якім шчаслівым сыходзіў, бо бацькоўства ўсіх пяцярых пацвердзілі. А другі страціў статус шматдзетнага бацькі непасрэдна ў сценах Камітэта судовых экспертыз, бо з чатырох дзяцей крэўным аказаўся толькі адзін. Гэта жыццё. Без прыкрас, такое, якое ёсць.

Дадатковы зарад энергіі нават для сур’ёзных судовых экспертаў здольная даць гісторыя, падобная на тую, што разгортвалася літаральна ў іх на вачах. У адной жанчыны цяжка захварэў сын. Усе планы і спадзяванні яго, маладога, прыгожага, перакрэсліла анкалагічнае захворванне. Урачы не хавалі ад яе прагнозы. Калі тваё дзіця памірае і ты не можаш нічым дапамагчы, адвечнае ў такіх сітуацыях «за што?», усведамленне бессэнсоўнасці далейшага існавання здольны паставіць на мяжу адчаю і забраць апошнія сілы, так неабходныя для падтрымкі хворага... Але аднойчы ён прызнаўся маці, што некалькі гадоў таму адпачываў на моры, і падазрае, што вынікам той мімалётнай рамантыкі стала дачка. Неяк у сацсетках ён убачыў здымак курортнай знаёмай з дачушкай. Па просьбе маці сын напісаў гэтай жанчыне, яна адказала, пацвердзіла, што нарадзіла дачку ад іх кароткага рамана, але ні на што не прэтэндуе. І ўжо маці ўгаварыла яе прыехаць у Брэст, каб зрабіць экспертызу. А калі ім далі на рукі заключэнне, жанчына свяцілася: «Вы не экспертызу правялі – вы мне сэнс жыцця вярнулі. Цяпер у мяне ёсць унучка, мне ёсць для каго жыць».

Застаецца дадаць, што эксперты-генетыкі цяпер выкарыстоўваюць самае найноўшае абсталяванне. Яны праводзяць і ананімную экспертызу для тых, хто хоча ўпэўніцца ў сваяцкіх сувязях і самастойна прыносіць біялагічны матэрыял. Але юрыдычную сілу для судовых рашэнняў, для выдачы дакументаў мае толькі афіцыйная экспертыза, праведзеная з прысутнасцю суб’ектаў даследавання.


Источник информации: газета «Звязда»