Государственный комитет судебных экспертиз
Республики Беларусь

Объективность. Честь. Отечество.

Официальный сайт
«Мне падабаецца рабіць свет лепшым» 21 ноября 2024

Выезд на месцы злачынстваў, пранізлівы погляд і пошук доказаў — менавіта гэтымі словамі можна ахарактарызаваць прафесію нашага новага героя — 22-гадовага эксперта-крыміналіста Аляксея Карповіча, з якім мы і правялі адзін дзень на яго працоўным месцы.

Прыехаўшы ў экспертна-крыміналістычны аддзел, перш за ўсё мы, як і належыць кожнаму навічку, пазнаёміліся з часова выконваючым абавязкі начальніка Першамайскага міжраённага аддзела (г. Мінск) Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз падпалкоўнікам юстыцыі Аляксандрам Андрэйчыкавым.

Рады, што вы сёння завіталі да нас у госці. Мы дастаткова маладая арганізацыя, нашаму камітэту сёлета якраз споўнілася адзінаццаць гадоў. Наогул у нас працуюць розныя спецыялісты: гэта і судова-медыцынскія эксперты, судовыя эксперты-псхіхіятры, эксперты-лінгвісты, эксперты-хімікі, пажаратэхнікі і шмат іншых яшчэ кірункаў. Сярод іх таксама эксперты-крыміналісты. З адным з іх вы сёння і праведзяце час.

Працу экспертаў-крыміналістаў можна падзяліць на дзве часткі: першая — агляд месца здарэння і пошук доказаў, а другая — непасрэдна напісанне экспертыз. Маладых спецыялістаў у нас працуе многа. Кожны з іх мае добрыя задаткі і амбіцыі — разумеюць усю адказнасць нашай прафесіі. Зрэшты, іншыя да нас не прыходзяць. Ну а мы, у сваю чаргу, робім усё, каб павышаць іх прафесійны ўзровень і даваць дадатковую матывацыю для якаснай працы.

Пасля невялікай уступнай гутаркі Аляксандр Мікалаевіч павёў нас знаёміцца з самім героем — Аляксеем. Па шляху мы ўбачылі, як яго калега, таксама малады спецыяліст, з сабраным ужо чамаданам чакае ліфт і адпраўляецца на выезд да месца здарэння ў складзе следча-аператыўнай группы.

З Аляксеем Карповічам мы сустрэліся ў кабінеце і пасля знаёмства адразу ж задалі яму наша галоўнае пытанне: «Ці паедзем мы на выезд?» Але аказалася, што сёння не яго змена, таму мы застанемся ў памяшканні. Але без цікавых адкрыццяў і расповедаў нас не пакінулі. І адразу ж павялі да крыміналістычнага палігону — у памяшканне, дзе навучаюць і праводзяць тэсціраванні для супрацоўнікаў.

— Зусім нядаўна я быў студэнтам Акадэміі МУС, вучыўся па спецыяльнасці «Эксперт-крыміналіст. Юрыст», а цяпер ужо стаў паўнавартасным супрацоўнікам, які дапамагае раскрываць злачынствы. Наогул на працу ў гэтай сферы мяне натхніў мой старэйшы брат. Калі я скончыў дзявяты клас, ён якраз адвучыўся ў Акадэміі МУС і пачынаў працаваць у Следчым камітэце. Ад яго я даведаўся пра такую прафесію, як эксперт-крыміналіст, і мяне яна зачапіла. Вырашыў, што таксама хачу звязаць сваё жыццё з гэтым. І бацькі цалкам падтрымалі маё рашэнне і ганарыліся мной, калі я ажыццявіў сваю мэту і паступіў. Вядома, спачатку вучыцца было даволі складана. Перш за ўсё з прычыны таго, што ў іншым горадзе (а сам я са Слоніма) спачатку адчуваў сябе адзінокім без блізкіх, але праз нейкі час наша група стала вельмі згуртаванай, як сапраўдная сям’я. Я лічу, што гэта адбылося дзякуючы нашым выкладчыкам. Ну і, вядома, само навучанне: скажам так, гультаёў там не трымаюць, ты жывеш па вызначаным графіку, дзе вучоба стаіць на першым месцы. Пасля заканчэння Акадэміі мяне размеркавалі на працу сюды, чаму я вельмі рады.

У гэты момант мы якраз зайшлі ў кабінет для навучання. Апынуліся ў досыць вялікім і прасторным пакоі, але, павярнуўшы галаву направа, я крыху спалохалася. Бо, акрамя імітацыі розных доказаў і прафесійнага абсталявання, на канапе мірна размясціўся манекен чалавека, які выкарыстоўваецца для адпрацоўкі алгарытму дзеянняў на месцы агляду па фактах забойстваў і іншых злачынстваў. Мая рэакцыя пацешыла Аляксея, бо яго, як чалавека звыклага да падобнага, ні манекенам, ні сапраўдным трупам ужо не напалохаць. Праца абавязвае мець халодны розум і ўстойлівую вытрымку.

— У нашай прафесіі няма месца эмоцыям, — дзеліцца хлопец. — Калі я трапіў у Першамайскі міжраённы аддзел па размеркаванні, мае чаканні наконт працы абсалютна супалі з рэальнасцю. Пасля Акадэміі ў нас было складанае ўяўленне аб тым, што ўяўляе сабой гэта прафесія. Але ўсё роўна прысутнічалі моманты, якія я змог пазнаць і асвоіць толькі падчас працы, усё ж такі ў такой сферы практыка важней, чым тэорыя. Не магу не адзначыць, што мае старэйшыя калегі заўсёды гатовыя дапамагчы нам, і, калі ў нас узнікаюць пытанні, мы заўсёды можам звярнуцца да іх у любы час.

Як ужо паведамлялася, мы сустрэліся з нашым героем у яго невыязную змену. У такіх выпадках яго працоўны дзень пачынаецца ў дзевяць раніцы і заканчваецца ў шэсць вечара. Асноўная задача супрацоўніка — праводзіць экспертызы і пісаць заключэнні. А вось што датычыцца дзяжурстваў, то яны доўжацца дванаццаць гадзін — з дзевяці раніцы да дзевяці вечара і адпаведна з дзевяці вечара да дзевяці раніцы. Перш за ўсё крыміналіст дакладвае аб заступленні на дзяжурства сваім кіраўнікам і ў дзяжурную частку. У чаканні выклікаў, якіх бывае не менш чым тры за суткі, крыміналіст праводзіць экспертызы. Але як толькі раздаецца званок, ён ужо ў якасці спецыяліста яшчэ раз пераправярае свой чамадан, «узбройваецца» і адпраўляецца на выклік.

— Самымі распаўсюджанымі прычынамі выезду з’яўляюцца крадзяжы грашовых сродкаў і махлярства. Мне асабліва запомніўся выпадак махлярства, калі маці сказалі, што яе дачка трапіла ў аварыю і трэба перадаць грашовыя сродкі. Жанчына на эмоцыях перадала грошы кур’еру, і ён знік. Па прыбыцці на месца здарэння я выявіў след рукі, які потым супаў са следам падазраванага. І ў выніку злачынец быў злоўлены і пакараны. Гэта мая любімая частка работы, калі разумееш, што ты змог дапамагчы людзям і зрабіць свет крышачку лепшым.

Не ў сілах стрымаць сваю цікавасць, мы адправіліся прымерыць на сябе ролю крыміналіста і вывучыць, што ўсё ж такі захоўваецца ў іх чароўных чамаданах. Па-першае, што варта адзначыць, важаць яны нямала: больш за дзесяць кілаграмаў, таму трэба валодаць пэўнымі фізічнымі данымі, каб вазіць іх з выезду на выезд. Што датычыцца ўнутранага напаўнення, то ў ім знаходзіцца набор прылад, неабходных, каб знайсці на месцы злачынства доказы. Напрыклад, там ляжаць ліхтарыкі, наборы для капіравання аб’ёмных слядоў, парашкі і інструменты для зняцця адбіткаў пальцаў. Ёсць і звычайныя слясарныя прылады, каб пры неабходнасці выняць доказы з цяжкадаступных месцаў. Што мяне асабліва здзівіла, дык гэта наяўнасць у чамадане лаку для валасоў. Аказваецца, ён дапамагае зафіксаваць сляды злачынца. Акрамя вывучэння прафесійнага інвентару, мы паглядзелі і астатнія зоны для трэніровак. Напрыклад, імітацыю слядоў чалавека і транспарту, а таксама зону, дзе прапрацоўваюць пытанні, якія датычацца злачынстваў з алкаголем і забароненымі рэчывамі. Пасля курса маладога крыміналіста мы адправіліся ў лабараторыю, дзе праводзяць экспертызы. Стэрыльнасць і парадак у гэтым месцы не могуць не захапляць. Якраз у той момант да нас далучыўся Аляксандр Мікалаевіч і асабіста распавёў, у чым заключаецца працэс правядзення экспертызы адбіткаў пальцаў. Дарэчы, цікавы факт: нават калі мы атрымалі драпіну на падушачцы пальца, праз некаторы час адбітак вернецца ў першапачатковы стан. Так у працэсе размоў і ўласных адкрыццяў мы і не заўважылі, як наша сустрэча падышла да фіналу.

— Наша прафесія не простая, але вельмі важная. Нават калі ўжо прыступіў да працы, усё роўна павышаеш сваю кваліфікацыю, бо тэхнічны прагрэс не стаіць на месцы і мы таксама. Таму сваім будучым калегам, якія цяпер яшчэ праходзяць навучанне, я хачу пажадаць стойкасці, каб развівалі ў сабе дысцыпліну, ну і проста ўдачы, яна ў нашым жыцці лішняй не бывае.


Источник информации газета «Звязда»