Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз
Рэспублікі Беларусь

Аб'ектыўнасць. Гонар. Айчына.

Афіцыйны сайт

Камп’ютарна-тэхнічная экспертыза

Прадмет

Прадметам камп’ютарна-тэхнічнай экспертызы з’яўляюцца факты (акалічнасці), вызначаныя на аснове даследавання заканамернасцяў распрацоўкі і эксплуатацыі камп’ютарных сродкаў і сістэм, якія забяспечваюць рэалізацыю інфармацыйных працэсаў.

Аб’ект

  • персанальныя камп’ютары;
  • любыя машынныя носьбіты інфармацыі, перыферыйныя прылады, сеткавыя апаратныя сродкі, інтэграваныя сістэмы, любыя камплектуючыя ўсіх названых кампанентаў (апаратныя блокі, машынныя носьбіты інфармацыі, платы пашырэння і інш.), праграмы для ЭВМ, алгарытмы, зыходныя тэксты праграм, тэкставыя і графічныя дакументы (у электроннай форме), вырабленыя з выкарыстаннем камп’ютарных сродкаў, даныя ў фарматах мультымедыя;
  • інфармацыя ў фарматах баз даных, журналы (пратаколы) працы спецыялізаваных праграм, іншых дадаткаў ужытковага характару.

Задачы

  • вызначэнне статусу аб’екта як камп’ютарнага сродку, выяўленне і вывучэнне яго ролі ў падзеі, якая расследуецца, а таксама атрыманне доступу да інфармацыі на носьбітах даных з наступным усебаковым яе даследаваннем;
  • вызначэнне віду (тыпу, маркі), уласцівасцяў апаратнага сродку, а таксама яго тэхнічных і функцыянальных характарыстык;
  • вызначэнне фактычнага стану і спраўнасці апаратнага сродку, наяўнасці фізічных дэфектаў;
  • вызначэнне асноўных характарыстык аперацыйнай сістэмы;
  • выяўленне і даследаванне функцыянальных уласцівасцяў, а таксама наладак праграмнага забеспячэння, часу яго інсталяцыі;
  • вызначэнне фактычнага стану праграмнага аб’екта, складу файлаў, якія яму адпавядаюць, і іх параметраў (аб’ёмы, даты стварэння, атрыбуты), спосабаў уводу-вываду інфармацыі, наяўнасці ці адсутнасці якіх-небудзь адхіленняў ад тыпавых параметраў (напрыклад, недакументаваных функцый);
  • дыягнаставанне алгарытму праграмнага прадукту, відаў выкарыстаных пры яго распрацоўцы інструментальных сродкаў;
  • вызначэнне першапачатковага стану праграмы (напрыклад, пры пачатковай інсталяцыі) і выяўленне магчымых наступных змен;
  • выяўленне структуры механізму падзеі па выніках працы праграмнага забеспячэння і ў дынаміцы;
  • вызначэнне прычыннай сувязі паміж дзеяннямі карыстальніка камп’ютарнай сістэмы ў дачыненні да праграмнага забеспячэння і надышоўшымі наступствамі;
  • ідэнтыфікацыйныя задачы, звязаныя з індывідуальным атаясамлененнем арыгінала праграмы (інсталяцыйнай версіі) і яе копіі на носьбітах даных камп’ютарнай сістэмы;
  • атаясамленне зместу файла з данымі ў копіі файла, які даследуецца, або ў прадстаўленым дакуменце (у т. л. у папяровай копіі ў комплексе з тэхнічным даследаваннем дакументаў).